ПАЧАТКО́ВАЯ ШКО́ЛА,
агульнаадукацыйная навучальна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якая дае пач. адукацыю. Разлічана пераважна на дзяцей 6—10-гадовага ўзросту. Тэрмін навучання ў розных краінах ад 4 да 8 гадоў. На Беларусі ўзніклі ў 11 ст. як манастырскія школы граматы. Вядома іх дзейнасць пры епіскапскіх кафедрах у Полацку і Тураве. У 12 ст. П.ш. з’явіліся пры некаторых жаночых манастырах, у т. л. пры манастыры Св. Спаса, заснаваным Ефрасінняй Полацкай, дзе існавала школа для навучання грамаце. Рыхтавалі клірыкаў для службы ў цэрквах і манастырах, а таксама давалі элементарную адукацыю дзецям заможных гараджан. У ВКЛ доўгі час развівалася ў выглядзе манаскіх школ. У 1387 вял. кн. Ягайла заснаваў школу пры каталіцкім кляштары ў Вільні. У 1522 у мяст. Гайна Барысаўскага павета і ў 1545 у мяст. Мядзведзічы Слуцкага павета адкрыты П.ш. пры мясц. каталіцкіх кляштарах. Дзейнічалі П.ш. і пры праваслаўным Святадухаўскім манастыры ў Вільні (засн. ў пач. 16 ст.), а таксама пры манастыры ў Брэсце. З 17 ст. пачалі працаваць П.ш. пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мсціславе, Мазалаве. Да П.ш. належала большасць брацкіх школ. Пануючае месца ў асветніцкай справе Рэчы Паспалітай займалі каталіцкія манаскія ордэны езуітаў і піяраў, якія ў 1740 трымалі пры сваіх кляштарах адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Станаўленне свецкай П.ш. адбылося ў 2-й пал. 18 ст., што звязана з забаронай ордэна езуітаў (1773) і стварэннем Адукацыйнай камісіі. Новыя П.ш. дзейнічалі пры свецкіх акруговых і падакруговых вучылішчах (па колькасці яны саступалі манаскім школам, якія былі амаль пры кожным кляштары).
На бел. землях у складзе Рас. імперыі свецкая сістэма адукацыі, створаная Адукацыйнай камісіяй, ліквідавана, а школы зноў перададзены ордэнам. Падобнага падыходу прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі. У 1824 сярод больш як 380 П.ш. свецкіх практычна не было. Паводле школьнага статута 1828 П.ш. падзяляліся на прыходскія вучылішчы і павятовыя вучылішчы, якія маглі існаваць асобна ці пры гімназіях. Акрамя выхаваўчых мэт П.ш. актыўна ўдзельнічалі ў русіфікацыі Беларусі. У 1864 і 1874 зацверджаны статуты пач. нар. вучылішчаў. Паралельна са свецкімі П.ш. існавалі і царкоўнапрыходскія школы, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду. З канца 19 ст. ствараліся і прыватныя П.ш. У пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 17 тыпаў П.ш. (больш за 6 тыс. навуч. устаноў). Асобнае месца сярод іх займалі гарадскія вучылішчы (павышаны тып П.ш.) і прафесійна-тэхн. школы. У 1917 усе школы сталі дзяржаўнымі. У выніку аддзялення царквы ад дзяржавы (з 1918) школы сталі цалкам свецкімі. Тэрмін навучання ў П.ш. з 1918—5 гадоў, з 1923 (у сувязі з увядзеннем у сістэму адукацыі 7-гадовай школы) — 4 гады. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена абавязковая пач. адукацыя (у Зах. Беларусі з 1939).
Пасля ўпарадкавання структуры школьнай адукацыі (1934) П.ш. стала часткай (1-й ступенню) адзінай агульнаадук. школы. Тэрмін навучання з 1970—3, з 1986—4 гады. Навуч. праграмы адзіныя. Прымаюцца дзеці з 6 гадоў (з 1998). Выкладаюцца бел. і рус. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, выяўл. мастацтва, спевы, фіз. культура, прац. навучанне, замежныя мовы і інш. Адраджаецца сістэма прыватных П.ш. У 1999/2000 навуч. г. ў падрыхтоўчых і 1—4-х класах усіх школ Рэспублікі Беларусь займалася 588,9 тыс. вучняў.
Літ.:
Чехов Н.В. Народное образование в России с 60-х гг. XIX в. М., 1912;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998.
А.Ф.Самусік.
т. 12, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)